Я́ДЗЕРНЫ РАКЕ́ТНЫ РУХАВІ́К (ЯРР), атамны ракетны рухавік,
рэактыўны рухавік, які працуе на ядзерным паліве. Сіла цягі ствараецца выкідам рабочага цела, якое награецца за кошт цяпла, што вылучаецца ў ядзерным рэактары ў выніку рэакцыі дзялення цяжкіх атамаў або радыеактыўнага распаду. Можа працаваць у атмасферы і беспаветранай прасторы, выкарыстоўваецца ў касманаўтыцы і ваен. тэхніцы.
У адрозненне ад хімічнага ракетнага рухавіка ў ЯРР крыніца энергіі (ядз. паліва) і рабочае цела раздзелены паміж сабой. Мае вельмі малую вагу паліва і не патрабуе запасу акісляльніку на борце ракеты. У ЯРР можна атрымаць імпульс, які значна перавышае імпульс хім. ракетнага рухавіка. У залежнасці ад тыпу ядз. паліва адрозніваюць ЯРР з цвердафазнай і газафазнай актыўнай зонай ядз. рэактара.
В.Ц.Казазян.
Прынцыповая схема ядзернага ракетнага рухавіка: 1 — бак з вадкім вадародам; 2 — помпа; 3 — турбіна; 4 — цяпловылучальныя элементы; 5 — выпуск газаў з турбіны; 6 — сапло; 7 — стрыжні кіравання; 8 — ахоўны экран.Схема рухальнай устаноўкі з ядзерным ракетным рухавіком: 1 — бак з рабочым целам; 2 — помпа; 3 — блокі кіравання магутнасцю рэактара; 4 — датчык тэмпературы газу на выхадзе з рэактара; 5 — орган кіравання рэактарам; 6 — калектар адбору газу на прывод турбіны; 7 — ядзерны рэактар; 8 — сапло; 9 — блок кіравання цягай; 10 — рэгулятар частаты вярчэння турбіны; 11 — газавая турбіна.